Парламент Германіі легалізаваў «альтруістычную» эўтаназію | Друк |
10.11.2015 15:30

6 лістапада Бундэстаг пасля двух гадоў дэбатаў прыняў закон, які дазваляе эўтаназію, зробленую з альтруістычных памкненняў. У той жа час закон уводзіць штраф да трох гадоў пазбаўлення волі за «камерцыйную форму эўтаназіі».

Новы закон парадкуе існуючыя незразумелыя правілы і ліквідуе «белыя плямы» ў пытаннях эўтаназіі, якія ўзніклі ў апошні час.

Нямецкае заканадаўства на працягу многіх гадоў пазбягала гэтай тэмы з-за асацыяцыі з «Трэцім Рэйхам», які нясе адказнасць за забойствы соцень тысяч дзяцей-інвалідаў і пажылых людзей падчас існавання нацысцкіх законаў эўтаназіі.

Таму нямецкі ўрад не выкарыстоўвае слова «эўтаназія», а ўжывае тэрмін «дапамога ў самазабойстве».

Нямецкі парламент меў да разгляду чатыры версіі законапраекта: два з іх узаконьвалі эўтаназію поўнасцю, адзін - цалкам яе забараняў. Большасць прагаласавала за прамежкавы варыянт, які падтрымала канцлер ФРГ Ангела Меркель.

Арганізацыі, якія выступаюць супраць эўтаназіі, хочуць аспрэчыць закон у Канстытуцыйным Судзе, таму што лічаць новы закон занадта «расплывістым».

Абаронцы жыцця адзначаюць, што хоць закон і забараняе дзейнасць кампаній, якія займаюцца эўтаназіяй, аднак дазвол эўтаназіі ў індывідуальных выпадках аўтаматычна яе легалізуе.

Паводле Radio eM (MV)


 
© 2003-2025 Catholic.by