Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Папа Францішак заклікаў да дапамогі жыхарам Сірыі
Святы Айцец
05.06.2013 11:37

Святы Айцец заявіў аб сваёй заклапочанасці лёсам Сірыі і зноў заклікаў да міру ў гэтай краіне. 5 чэрвеня папа Францішак сустрэўся з удзельнікамі нарады каталіцкіх дабрачынных арганізацый, якая праходзіла ў Рыме і была прысвечана сірыйскай праблематыцы.

Як паведамляе Ватыканскае радыё, Пантыфік заўважыў, што ў апошнія тыдні міжнародная супольнасць яшчэ раз пацвердзіла намер «рэалізаваць канкрэтныя ініцыятывы, накіраваныя на плённы дыялог, якія маюць на мэце пакласці канец вайне». Папа дадаў, што гэтыя спробы павінны быць падтрыманы сусветнай супольнасцю. Нарада прадстаўнікоў дабрачынных каталіцкіх арганізацый, па словах Святога Айца, дэманструе гатоўнасць католікаў працягваць аказваць гуманітарную дапамогу Сірыі і суседнім краінам, якія прымаюць бежанцаў. Пантыфік выказаў пажаданне, каб гэтыя дзеянні былі скаардынаванымі.

«Прашу міжнародную супольнасць, каб побач з пошукам вырашэння канфлікту шляхам перамоў, спрыяла гуманітарнай дапамозе сірыйскім бежанцам і перасяленцам, кіруючыся перш за ўсё карысцю асобы і абаронай яе годнасці», — заклікаў папа Францішак і папрасіў каталіцкія арганізацыі дапамагаць жыхарам Сірыі, «незалежна ад іх этнічнай ці рэлігійнай прыналежнасці». Гэта, на думку Святога Айца, непасрэдны спосаб унесці свой уклад у прымірэнне і пабудову грамадства, адкрытага для ўсіх. «Намаганні Святога Пасаду скіраваны на пабудову мірнай будучыні для Сірыі, у якой усе маглі б жыць свабодна і рэалізаваць сябе ў сваіх асаблівасцях», — пацвердзіў Папа.

Пантыфік звярнуў асаблівую ўвагу на хрысціян, якія пражываюць у Сірыі і на Блізкім Усходзе. «У іх вялікая задача, працягваць рэалізаваць сапраўднае хрысціянства ў рэгіёне, у якім яно ўзнікла», — адзначыў Святы Айцец і дадаў, што місія ўсёй хрысціянскай супольнасці — падтрымліваць гэтыя намаганні.

(AG)

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.