Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Папа Францішак: вучыцца ад Яна ХХІІІ дабрыні і паслухмянасці
Святы Айцец
03.06.2013 22:25

Ян XXIII быў вядомы як «добры Папа», а крыніцай яго дабрыні і супакою была паслухмянасць Касцёлу і Богу, — адзначыў папа Францішак падчас сустрэчы з жыхарамі Бергама, дзе нарадзіўся гэты Пантыфік. 3 чэрвеня адзначаецца 50-годдзе смерці Яна ХХІІІ.

«Анджэло Ранкаллі быў чалавекам, які ўмеў перадаваць супакой; супакой натуральны, радасны, сардэчны, — сказаў Папа, словы якога прыводзіць польская рэдакцыя Ватыканскага радыё. — Стаўшы Пантыфікам, ён паказаў гэты супакой усяму свету». Як дадаў Святы Айцец, Ян ХХІІІ мог перадаваць гэты супакой таму, што «ён панаваў у глыбіні яго душы, што было плёнам доўгай і цяжкай працы над сабой (…), паступовага ачышчэння сэрца». Дзень за днём ён адкрываў і знішчаў у сабе прагненні, «якія паходзілі з эгаізму, а таксама распазнаваў натхненні Пана, даючы праводзіць сябе мудрым духоўным кіраўнікам».

Папа Францішак падкрэсліў, што гэты шлях унутранага ачышчэння вёў праз паслухмянасць, якая стала прыладай супакою. Паслухмянасць мела для Яна ХХІІІ «вельмі простае і канкрэтнае значэнне»: выконваць у Касцёле тое служэнне, якога ад яго патрабуюць, і нічога не шукаць для сябе.

Пантыфік адзначыў, што пастава гэтага Папы з’яўляецца ўзорам для кожнага з вернікаў і для сучаснага Касцёла.

(AG)

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.